ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па валцы, тралёўцы і першаснай апрацоўцы дрэў, вывазцы лесаматэрыялаў. Выконваюцца лесанарыхтоўчымі прадпрыемствамі (леспрамгасы, адкрытыя акц. аб’яднанні, лесакамбінаты і інш.) і часткова арг-цыямі лясной гаспадаркі (лясгасы).

Для валкі дрэў адводзяць участкі спелага лесу (лесасекі). Выкарыстоўваюць бензаматорныя ланцуговыя пілы, машыны і агрэгаты для валкі і пакетавання, у т.л. валачна-сучкарэзна-распіловачныя. Ствалы (хлысты) транспартуюць у пункты першаснай апрацоўкі тралёвачнымі трактарамі або валачна-тралёвачнымі машынамі і вывозяць аўтамаб., чыг. або водным транспартам (лесавозамі). Аўтамабілі часта абсталёўваюць гідраманілулятарамі для аўтаномнага выканання пагрузачна-разгрузачных работ. У горных раёнах пашыраны канатны транспарт. На цэнтр. складах драўніну распілоўваюць на сартыменты, акорваюць, маркіруюць, штабялююць і рыхтуюць да адпраўкі. Склады абсталёўваюць распіловачнымі лініямі, сучкарэзна-распіловачнымі працэсарамі, ланцуговымі транспарцёрамі, пагрузачнымі кранамі і інш. Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць.

І.І.Леановіч.

т. 9, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)